БАРЫ́САЎШЧЫНСКІ МЕТАЛУРГІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў на Беларусі ў 1854—81 у маёнтку Барысаўшчына паблізу в. Чарняўка Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Працаваў на пакладах мясц. балотных рудаў. У 1863 дзейнічалі 4 паравыя машыны, домна, у 1868 — 3 домны, пудлінгавая печ, вагранка, 2 крычныя горны. Вырабляў чыгун, жалеза (пудлінгавае, паласавое, шыннае, круглае, квадратнае), у 1863—72 — адліўкі, машыны, у т. л. паравыя. Працавала 437 чал., выплаўлялася да 120 тыс. пудоў чыгуну (1867), штогод выраблялася па 20—72 тыс. пудоў сталі і жалеза. На Усерасійскай выстаўцы (Масква, 1870) прадукцыя адзначана бронзавым медалём.

т. 2, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)